Як і любая справа – course.by – гэта па-першае людзі. Людзі, якія робяць справу, выкладаюць, якія арганізуюць заняткі, ствараюць атмасферу ўзаемадапамогі, якія ахвяраваюць свой час, дзеля таго каб навучыць іншых, якім цікава паспрабаваць штосьці новае, даведацца больш пра сябе.

Гэта пра выкладчыкаў course.by.

Андрэй

21 год

iOS

Працуе ў кампаніі Bittorrent. Стварае самы папулярны ў сьвеце торрэнт-кліент uTorrent для Mac OS.
БДУ ФПМІ 5 курс

Які бэкграўнд? Твая гісторыя?

Зьбіраўся паступаць увогуле на Гістфак :-), бо вельмі захапляюся беларускай гісторыяй, але потым вырашыў пайсьці ў праграмісты.

Чаму вырашыў выкладаць на course.by? Як так атрымалася?

Ёсьць у мяне адзін сябра, мы з ім заўсёды перапісваемся па-беларуску. Аднойчы ён мне і распавёў пра гэтая курсы. Выкладаць я вырашыў таму, што ўпэўнены: калі ты ня здольны растлумачыць звышабстрактную стандартную тэорыю ў фізіцы апошняй бабцы ў глухой вёсцы – ты яе не разумееш як трэба. Мне было прасьцей – тут былі студэнты БДУІРа :-)

Як пачаў цікавіцца прадметам свайго курса?

Абраць плятформу пад якую пісаць было проста, паспрабаваў адно – не спадабалася, паспрабаваў другое – не спадабалася. Apple прыцягнула ўвагу менавіта клопатам пра звычайных карыстальнікаў – кожная бабуля можа карыстацца айфонам. Прывабіла таксама надзейнасьць тэхнікі і вялікія магчымасьці.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Канешне першы раз – гэта трэш. Думаеш адно, кажаш другое, а на слайдах трэцяе. Думаеш дзе будуць пытаньні – шукаеш падрабязны адказ, а пытаньняў ці няма зусім, ці нечаканачка. Ну і як звычайна, разгубліваешся – у мяне візуальная памяць, часам нават бачу старонку дакумэнтацыі, а мовы няма. Таксама я пачаў з вельмі складаных тэмаў, цяпер курсы, канешне, будуць іншымі.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Трэба захапляцца тым, што робіш. Зараз у Беларусі запатрабаваныя кодзеры, а праграмістаў ( у нейкім сэнсе мастакоў ) амаль няма. У Беларусі шмат кодзераў – таму ў нас няма стартапаў узроўню таго ж Bittorrent-а ў якім я працую

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Не існаваць аўтаматычна. Жыцьцё трэба жыць кожную хвіліну. Трэба зразумець куды ты мусіш ісьці – пракласьці маршрут і рухацца. Рухацца трэба так, каб нішто ў сьвеце не здолела перашкодзіць

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Вы напэўна чакаеце, што я скажу Стыў Джобс. Не, я ня вельмі паважаю яго. Нечаканачка – гэта Білл Гейтс. Чаму? Ну гэта пытаньне без адказу.
Фёдар Дастаеўскі. Напэўна самы геніяльны пісьменьнік – я карыстаюся ягоным вопытам у сваім жыцьці
Джо Фрэйзэр. Гэта чэмпіён сьвету па боксе. Мо ў яго не было вялікага таленту, але ён працаваў крок за крокам кожны дзень. У 1971 ён пабіў Мухамада Алі. Першым. Ён прыклад сапраўднага мужчыны.

Каця

22 гады

Дызайн

Фрылансер. Прамысловы дызайнер у вялікім сэнсе гэтага слова.
БДУ Дызайн 5 курс

Як пачала цікавіцца прадметам свайго курса?

На чацвертым курсе быў курсач па вэб, які атрымаўся сыры. Потым захацелася ўсё перарабіць. Так і панеслася :)

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Тлумачыць вельмі захапляльна, асабліва тады, калі верыш у тое, што тлумачыш.

Што б параіла тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Быць сьмелым.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Быць шчырым.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Руаль Амундсэн і браты Райт.

Сяргей

17 гадоў

Qt

Удзельнік шматлікіх алімпіядаў па інфарматыцы.
Сярэдняя школа 11 клас

Чаму вырашыў выкладаць на course.by? Як так атрымалася?

Таму што люблю нешта тлумачыць, расьпавядаць. Падабаецца спрабаваць усе новае. Курсы – гэта клёвы й цікавы вопыт для мяне.

Як пачаў цікавіцца прадметам свайго курса?

Было цікава даведацца, як распрацоўваць праграмы з графічным інтэрфэйсам з дапамогай C++. Нагугліў пра Qt. Пачаў паглыбляцца. Чым больш вывучаў кьют, тым больш бачыў магчымасьці, якія ён прадастаўляе й тым цікавей станавіўся кодзінг з Qt :)

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Канешне падабаецца. Гэта клёва й цікава. Калі ты можаш навучыць пранамсі пару чалавек – гэта ўжо файна. Ня стаўлю перад сабой мэту даць поўны набор ведаў па Qt. Я лічу неабходным даць базу, паказаць магчымасьці і штурхануць у правільным накірунку на далейшае навучаньне.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Самаадукацыя – усе. Гэтым усе сказана. Адмоўкі кшталту “няма магчымасьці вывучыць”, “няма таго, хто б мне растлумачыў”, “у мяне няма настаўніка” лічу поўнам трызьненьнем.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Самае галоўнае – гэта адшукаць сябе ў жыцьці. Як не банальна – займацца тым, ад чаго атрымліваеш асалоду. Шмат хто гэтага не разумее. Ва ўсіх ёсьць выразны стэрыятып а “правільным” жыцьці і гэта ня правільна. Галоўнае – вызначыцца, што для цябе “правільнае” жыцьцё. Ня думаць аб тым, як жыць “нармалёва, як усе”, а жыць так, як ты жадаеш.

Лена

22 гады

Тэставаньне

Тэстыравальнік праграмнага забесьпячэньня ў кампаніі Playtika (facebook/mobile).
БДУІР ІЭФ 4 курс

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Вельмі падабаецца выкладаць і стасавацца з зацікаўленымі людзьмі. Рыхтую суцэльную праграму курсаў і спадзяюся пасьля сэсіі адновім заняткі.

Чым зараз займаешся?

Вывучаю праграмаваньне, і лічу што наступны ўзровень тэсцера – веды ў праграмаваньні.

Што самае галоўнае ў жыцьці?

Самае галоўнае ў жыцьці – стасункі ды добрыя справы.

Вольга

23 гады

Капірайтынг Майстар клас

Задавальняе графаманскія патрэбы напісаньнем тэксьцікаў для Сеціва.
БДУ Гісторыя

Які бэкграўнд? Твая гісторыя?

Даўным-даўно кінула вучобу на філасофскім факультэце БДУ. Спрабавала сябе ў журналістыцы, потым пачала фрылансіць. Паралельна з гэтым перабірала розныя “сапраўдныя” месцы працы. На апошнім нават зрабіла б кар’еру, але ўмяшаліся Вышэйшыя сілы. Аднойчы задалася мэтай ніколі больш не хадзіць на працу і ўжо два гады не раблю гэтага:)

Чым займаешся зараз (Праца, вучоба)?

Вучуся ў БДУ на гісторыка, задавальняю графаманскія патрэбы напісаньнем тэксьцікаў для сеціва.

Як пачала цікавіцца прадметам свайго курса?

Знаёмства з журналісцкай справай не ўразіла, бо прадаваць сумленьне ня ўмею і не хачу. У той жа час пісьмоўства прываблівала мяне заўседы. Паспрабавала займацца фрыланс-капірайтынгам. Так атрымалася, што займаюся дагэтуль:)

Чаму вырашылы правесьці майстар-клас на course.by? Як так атрымалася?

Вельмі хацела падтрымаць хлопцаў у іхняй справе, ды і цікава было набыць такі незвычайны досьвед.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Выкладаць спадабалася – гэта факт. Будзе магчымасьць – паўтару.

Што б параіла тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Калі вашыя школьныя сачыненьні зачытвалі на ўвесь кляс, можаце сьмела ісьці ў капірайтэры. Калі не, трэба як мінімум пісаць без памылак. Астатняе прыйдзе з вопытам.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Кахаць, зразумець і выканаць сваё прызначэньне.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Ну, хай гэта будзе мой навуковы кіраўнік, прафесар Эдуард Міхайлавіч Загарульскі, заснавальнік EPAM Systems Аркадзь Добкін і не так даўно памёрлы музыка Вадзім Кузьмін (Чорны Лукіч).

Кірыл

21 год

SEO Майстар клас

Займаецца інтэрнэт маркэтынгам. Прасоўвае сайты.
БДУІР ІЭФ 5 курс

Чым займаешся зараз(праца, вучоба)?

Займаюся анлайн-маркетынгам, пэўна – SEO прамоўтынгам сайтаў, вядзеньнем рэклямных кампаніяў у Google Adwords і Yandex Direct. Мне вельмі падабаецца пошукавая рэкляма як выдатны сродак паказаць сваю прадукцыю альбо паслугі менавіта таму, хто мае патрэбу ў ёй у дадзены момант. Таксама апошні час я зацікавіўся front-end распрацоўкай і перспектывамі вэба. Увесь час зьяўляецца якія-небудь ідэі, якія хочацца здзейсьніць.

Як пачаў цікавіцца прадметам свайго курса?

Аднойчы я натыкнуўся на артыкул, дзе падкрэслівалася тое, наколькі важна ня толькі стварыць, але й правільна данесьці прадукт да спажыўца. Я захапіуся гэтай ідэяй і рушыў у продажы. Што датычыцца дакладна анлайн-маркетынга, інтэрнэт-аудыторыя значана павялічалася за апошні час і працягвае пашырацца. Шмат людзей усьведамляюць зручнасьць інтэрнэту й пачынаюць вырашаць свае праблемы праз вэб. Усё гэта дае перадумовы для таго, што будуць запатрабаваны якасныя паслугі ў дадзенай сферы.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Мне падабаецца тое, што на cource.by сабраліся вельмі цікавыя людзі з падобнымі поглядамі, гатовыя дзеліцца сваім вопытам. Гэткі “ланкастарскі кружок”, які дзякуючы пратоптанаму шляху старэйшых сяброў дазваляе скараціць час на вывучэнне прадмету. У сваю чаргу, выкладчык лепш структуруе свае веды й “пракачвае” свой скілл публічных выступаў.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Пачынаць ня проста. Без якога-небудзь бачаньня шмат якія пытаньні падаюцца незразумелымі. Таму напачатку будзьце гатовыя быць настойлівымі. Кранаема майго мастэр-класу, прайдзіцеся па спасылкам у суполцы. Увесь час развівайцеся, фільтруючы састарэлую й памылковую інфармацыю. Асабліва істотна практыка. Я вельмі удзячны людзям, якія дазволілі мне атрымаць яе ў SEO і кантэкстнай рэкляме. Таму мне вельмі імпануе заклікі Рамана пісаць код, альбо падыход Кацярыны, калі яна вучыць думаць дызайнам. Думаю, за паўгады – год цалкам магчыма дасягнуць нейкага цэльнага разуменьня ў сферы, якая цікавіць.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Атрымліваць ад яе асалоду. Калі гэта ня так – нешта памылкова й гэтую праблемцу трэба вырашаць.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Ведаеце, гэта даволі ўразлівая пазіцыя – абапірацца на шлях каго-небудзь іншага. Я успрымаю іншыя меркаваньні, але імкнуся арыентавацца на нешта ўнутры сябе.

Улад

15 гадоў

SMO Майстар клас

З сябрам валіць свае міні-праекты.
Ліцэй БДУ Гісторыя 10 клас

Чым займаешся зараз(праца, вучоба)?

Раблю міні-праекты з сябрам і вучуся коду.

Чаму вырашыў правесьці майстар-клас на course.by? Як так атрымалася?

Прыйшоў на курсы й адразу зразумеў – гэта крута, што бы ні казалі. І пасьля размоў з выкладчыкамі яны прапанавалі правесьці майстар-клас. І я загарэўся.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Падабаецца, але хваляваньні, нажаль, на несьвядомым узроўні існуюць.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Мой прадмет ня цяжкі, калі не атрымліваецца, тады проста трэба спрабаваць – я па гэтаму шляху й прайшоў.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Упартасьць.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Ніхто. Толькі з майго асяродзьдзя. Некаторыя проста імпануюць.

Рома

22 гады

JavaScript

Заснавальнік сourse.by. Афіцыйна безработны спрабуючы фрылансер
БДУІР КСІС 5 курс

Які бэкраўнд? Твая гісторыя?

Як і ўсе паспяховыя студэнты КСіСа, пайшоў у крутую IT кантору пасля 3 курса. На рабоце заўседы вагаўся (шалі па гараскопу) паміж 2 думкамі: ці магу я стаць праграмістам і якога ліхага я раблю ў офісе? Праз 5 месяцаў атрымоўваў шаленыя 900$, першыя раз скарыстаўся імі, толькі праз паўгады работы, амаль на ўсе хапала стыпендыі. Паабяцаў сябе сысці з работы, узяць адказнасць за свой час і рабіць такое, што мне рэальна дастаўляе. Паспрачаўся з сябрам што кіну работу летам на песочна-гарэхавы торт. Адпрацаваўшы 16 месяцаў я звольніўся. Атрымалася стаць сузаснавальнікам праекта курс бай, які прыносіць тую сапраўдную асалоду.

Чым займаешся зараз (Праца, вучоба)?

Вучуся на 5 курсе БДУІР і спадзяюся давучыцца =). Цяпер афіцыйна безработны, шукаю грошы на фрылансе, wrapbootstrap’e ды themeforest.

Чаму вырашыў выкладаць на сourse.by? Як так атрымалася?

Як заўседы засынаючы, мне прыйшла 100 ідэя ў галаву, ці не зрабіць у нашам альмаматар дапаможнік для студэнтаў, на наступны дзень мы ўжо размаўлялі з адміністрацыяй БДУІР і праз 2 тыдні стартанулі пілотны набор на нашыя курсы.

Як пачаў цікавіцца прадметам свайго курса?

Я выкладаю javascript, гэтую рэч шчыра палюбіў на рабоце ў альтэрнатыву мутнаму c#:). Цім-лід падкідваў тэарытычныя артыкулы, я зачытаўся і панеслася.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Адным сказам, гэта напэўна, самыя моцныя эмоцыі за апошнія гады – бачыць вочы людзей, якім ты штосьці растлумачыў.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Прыходзьце на мой курс;) Самаадукацыя – моц. Пачніце для самых маленькіх з learn.javascript.ru і проста пішыце, пішыце код! Усё проста, галоўнае займець тую унутраную упэўненасць у сябе, што вы здольны зрабіць усё.

Які плян далей? Чым плянуеш займацца?

Развіваць сourse.by, паспрабую замуціць нешта з дапамогай нашым абітурыенам, якія з большага зусім ня ведаюць куды і навошта яны паступаюць

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Кожнаму свае, у мяне гэта – гармонія з самім сабой.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Проста шызею ад Ромы Свечнікава (гугліце 34mag.net кругасветка). Сустрэў яго 2 гады таму і гэта асоба рэальна ўплывае на мяне. Малявядомы(пакуль))) сябра і сузаснавальнік сourse.by Філіп, апошнім часам мая дзяўчына, ну і трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

Філіп

21 год

html5

Заснавальнік course.by. Блогае, бегае, жыве.
БДУІР КСІС 5 курс

Які бэкраўнд? Твая гісторыя?

Працаваць праграмістам пачаў з 10 класа. Ва ўнівере пачаў стартапамі цікавіцца, маўляў, трэба нешта стварыць сваё. Стварыў cheerick.ru з сябрамі (з Ромай). А потым неяк разуменьне прыйшло, што самае галоўнае ў гэтай усёй справе вельмі проста. Рабі тое, што падабаецца. Грошы – гэты тое, што прыйдзе пасьля.

Чым займаешся зараз (Праца, вучоба)?

Course.by справамі па большай частцы. Два месяцы таму кінуў сталую працу – звыкаюзя з жыцьцём фрылансера. А так – жыву. Бегаю зранку, на ровары ўзімку таксама файна катацца. Спрабую ўжо месяц уключыць «фрыланс» рэжым сну – гэта значыць уставаць і класьціся тады, калі хочацца, без гадзінніка. Павінна атрымацца нешта накшталт 28-гадзінных сутак.

Чаму вырашыў выкладаць на сourse.by? Як так атрымалася?

Даўно ідэя была стварыць стартап-хату (хакер-спэйс) ў Менску. Каб людзі маглі прыйсьці, папрацаваць, затусіць. Камьюніці карацей. А ў сябра Ромы ўзьнікла ідэя рабіць «цэнтр дапамогі студэнту», які ўрэшце й пераўтварыўся ў course.by у яго сучысным выглядзе.

Як пачаў цікавіцца прадметам свайго курса?

Спачатку я быў бэк-энд праграмістам (Java потым Rails). Але заўсёды неяк мяне цягнула ў бок кліент-сайда (JS/html). Напэўна таму што ён да людзей бліжэй. Калі раблю нешта на html альбо JS вельмі захапляюся, таму й вырашыў выкладаць менавіта гэта. Да й яшчэ гэта трэнд зараз – канкурэнцыі на высокім узроўні няма.

Што думаеш наконт выкладаньня? Ці падабаецца выкладаць?

Падабаецца тады, калі разумееш, што ты даеш людзям, нешта новае, карыснае для іх, чаго яны яшчэ ня ведалі.

Што б параіў тым, хто нічога ня ведае па твайму прадмету, але хоча стаць экспертам?

Прыходзьце да нас :) Калі не атрымліваецца – вучыцеся самі. Навучыцеся гугліць па-ангельску. Амаль любое пытаньне наконт html або любой іншай тэхналёгіі можна знайсьці за 10 секундаў.

Які плян далей? Чым плянуеш займацца?

Падымаць course.by. А ўвогуле, у перспектыве, пабудаваць нешта такое, што па-першае – будзе захапляць і прыносіць асалоду й па-другое даваць нейкія сродкі для існаваньня.

Што лічаш самае галоўнае ў жыцьці?

Быць шчырым самім з сабой. Тупа верыць у сябе. Кропка.

Якія тры чалавека (знакамітых альбо не) цябе натхняюць?

Напэўна гэта мой тата й маці. Яшчэ тыя людзі, якія жывуць не дзеля сябе, а дзеля нейкай вялікай справы, дзеля іншых.