З момантку калі ўся гэтая course.by-справа пачалася прайшло ўжо паўгады. У нас натуральна было шмат часу каб падумаць, зразумець і разглядзець розныя варыянты таго, якім можа й мусіць быць course.by.

Ёсьць некалькі думак, пра якія мы хочам Вам распавесьці.

Што адбывалася з course.by на працягу паўгады

На гэтым тыдні скончыўся трэці набор. А значыць прайшло ўжо 12 курсаў. А значыць каля 150 чалавек, якія скончылі нашыя заняткі.

Нармалёва? Ну, напэўна так. Усё гэта вядома дзякуючы тым людзям, якія рабілі справу ў мінулым і гэтым наборы.

Напрыканцы другога набору мы пачалі разумець: большасьць людзей пасьля курсаў проста разыйдзецца, бо няма працяга, які б аб’ядноўваў людзей, нейкай справы, якую б людзі рабілі разам. А пытаньняў накшталт “А што будзе далей, пасьля курса?” з боку студэнтаў было вельмі шмат. Вось мы і пачалі думаць. І прыдумалі (мабыць зноў асэнсавалі?).

Ідэя

Мы ня верым у тое, што сучаснае становішча ў беларускай сферы IT ёсьць найлепшае. У тым сэнсе, што большасьць праграмістаў, скончваючы ўнівер ідзе працаваць у буйныя аўтсорсінгавыя карпарацыі, якія 99% выпадкаў выконваюць замежныя замовы, а самі праграмісты разглядаюцца ў выглядзе “рэсурса”, які прадаецца.

Мы верым у тое, што нашыя людзі здольныя самастойна ствараць, а ня быць інструмэнтам для вырашэньня чужых праблемаў. Быць замоўцамі самі сабе. Хіба ў Беларусі ўжо не засталося праблемаў, якія трэба вырашыць? Ці ўсе ідэі ўжо рэалізаваны?

Такія думкі жылі даўно ў нашых галовах, але канчаткова сфармаваліся толькі нядаўна. Ды й самі мы зразумелі, ад чаго мы ўвесь час несвядома адыходзілі.

Што такое course.by?

Course.by як і быў так і застаецца адукацыйным праектам. Проста зараз з ідэяй, якая ў прынцыпе заўсёды й была, але толькі нядаўна сфармавалася. То бок:

Course.by – гэта адкрыты адукацыйны праект, мэта якога даць студэнту зразумець, што рэалізоўваць уласныя ідэі, рабіць тое, ўва што верыш нашмат цікавей і карысней, чым быць “рэсурсам”. Што трэндавыя тэхналёгіі – гэта проста.

Што далей?

Месяца два таму нам напісаў Сяргей і сказаў: “Хлопцы, хачу супрацоўнічаць з Вамі і арганізаваць такія ж курсы на ФПМІ”. Зьявіўся адзін з мацнейшых курсаў course.by BSU on Rails. Мы вельмі радыя гэтай падзее. І таму хочам сказаць, што:

Мы верым у тое, што мы робім. Калі Вы маеце падобныя думкі – абавязкова далучайцеся да нас! Нам бракуе такіх жа звар’яцелых людзей як мы :)

Мэта – пабудаваць сетку такіх бясплатных курсаў па ўсёй Беларусі, якія б натхнялі чалавека рэалізоўваць уласныя ідэі й паказвалі, што праграмаваньне (і ня толькі) – гэта проста.

Курсы

На цяперашні момант мы – гэта шэсьць выкладчыкаў:

Мы абнавілі сьпіс курсаў; выдалілі тыя, якіх больш няма. У тым ліку ў нас, нажаль, зьнік курс па дызайну, на які існуе вялікі попыт. Таму калі Вы маеце досьвед у прыктычным вэб-дызайне, або ў іншай, звязанай з IT, сферай – будзем афігенскі радыя калі Вы далучыцеся да нас :)

І яшчэ. Нам ужо шмат разоў казалі: “Здымайце курсы на відос!” Абяцаем у наступным наборы мы гэта ўрэшце зробім.

Сам наступны набор мы пачнем у пачатку траўня.

Месца

Дык вось. Натуральным адказам на пытаньне: “А што будзе далей?” зьяўляецца месца, куды б людзі маглі прыходзіць і разам рабіць справы.

Заставайцеся на сувязі!


Фоты generation.by